360°

Нясвіжскі палац Радзівілаў

Адчуйце сябе птушкай над адным з галоўных архітэктурных аб'ектаў Беларусі - Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблем.

Нясвіжскі палац Радзівілаў – гонар і візітоўка Беларусі. Першы камень у яго падмурак быў закладзены яшчэ ў 1583 годзе князем Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткай, і вось ужо больш за 400 год краявіды Нясвіжа ўпрыгожвае велічны замак у зеляніне дрэў, сетка блакітных азёр і некалькі шыкоўных паркаў.



Першапачаткова замак быў пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара Джавані Бернардоні. Але ў наступныя стагоддзі ён неаднаразова перабудоўваўся, увабраўшы ў сябе рысы амаль усіх архітэктурных стыляў тых эпох.



Нясвіжскі палац меў 12 аздобленых залаў, 170 памяшканняў рознага прызначэння, шыкоўную бібліятэку на 20 тысяч тамоў, карцінную галерэю, калекцыю знакамітых слуцкіх паясоў, зброю розных народаў свету. Вядома, што ў замку знаходзіўся адзін з самых каштоўных беларускіх скарбаў – 12 фігур апосталаў, адлітых з чыстага золата. У 1812 годзе замак быў разрабаваны рускай арміяй, і ўсе каштоўнасці былі вывезеныя, аднак лёс апосталаў так і застаўся невядомым.



Радзівілы пакінулі замак у 1939 годзе з прыходам савецкай улады. У пазнейшыя часы там быў створаны санаторый, але сцены і камунікацыі паступова працягвалі прыходзіць у заняпад. Толькі ў 2000-х гадах у замку пачаліся актыўныя рэстаўрацыйныя працы, якія працягнуліся больш за 10 год. У 2005 годзе Нясвіжскі палацавы комплекс быў занесены ў спіс сустветнай спадчыны ЮНЕСКА.



Па наведвальнасці турыстамі замак займае першае месца сярод усіх музеяў Беларусі. Але найпрыгажэй за ўсё там увечары і ўранку, калі няма турыстычнай мітусні. Штовечар можна назіраць, як сонца сядае за Слуцкую браму ці за купалам касцёла Божага Цела. А ўранку над азёрамі часта ўздымаецца густы туман, які хавае замак ад чужых вачэй.