360°

Возера Доўгае

Мы спецыяльна для вас праляцелі над самым глыбокім (але, як бачыце, зусім не шырокім) возерам Беларусі. Даследуйце Глыбоччыну з намі!

Возера Доўгае ў Глыбоцкім раёне цалкам апраўдвае сваю назву. Пры даўжыні больш за 6 кіламетраў шырыня возера не перавышае паўкіламетра нават у самых шырокіх месцах. Атрымалася такая форма дзякуючы ледавіку, які рухаўся з поўначы на поўдзень. Дарэчы, у наваколлі Доўгага ёсць яшчэ некалькі азёр такой жа формы і арыентацыі.

Але знакамітым гэта возера стала дзякуючы таму, што яно з’яўляецца самым глыбокім у Беларусі. Максімальная глыбіня тут складае 53,6 метра. Можаце паспрабаваць уявіць сабе, наколькі крутыя схілы мае возера ў некаторых месцах. Прычым форму дно мае таксама складаную: глыбокія плёсы раптоўна чаргуюцца з падводнымі ўзвышшамі.

Здаўна ў гэтых месцах жылі людзі. Яшчэ шмат стагоддзяў таму у ваколіцах Доўгага з’явіліся першыя паселішчы крывічоў. Звыш дваццаці курганоў той эпохі дагэтуль стаяць ля вёскі Бабруйшчына.

На поўдзень ад возера знаходзіцца вялікае возера Шо, за якім пачынаецца бяскрайні масіў Галубіцкай пушчы. А яшчэ каля возера праходзіць дарога на Вушачы, адно з самых азёрных месцаў Беларусі.